У Вялікабрытаніі заклікаюць узняць прэстыж маркі «Зроблена ў Брытаніі»

Лідэр брытанскіх лейбарыстаў Эд Мілібэнд у сваім выступе перад асацыяцыяй вытворцаў EEF заклікаў да “патрыятызму” ва ўрадавай эканамічнай палітыцы Вялікабрытаніі.
Ён адзначыў, што не кліча да пратэкцыянізму (які, па яго словах, узнікае тады, “калі ўрад не верыць, што фірмы могуць канкурыраваць”), але перакананы, што “гонар і патрыятызм” неабходныя для брытанскага бізнэсу (каб “брытанскі бізнэс квітнеў”).
Мілібэнд падкрэсліў, што брытанскі ўрад павінен рабіць захады па падтрымцы маркі “Made in Britain”.
Ключавую думку Мілібэнд выклаў так: “Гаворка не пра старамодную кампанію “Купляй брытанскае”. І не пра тое, каб пакупнік адчуваў сябе кепска, калі ён не купляе прадукцыі брытанскага бізнэсу. Гаворка трохі пра іншае: мы не можам ацаніць ці адзначыць нашы магутнасці ў вытворчасці, пакуль не ведаем, што вынайдзена і зроблена тут”.
Ён заклікаў таксама распрацаваць стандарт маркі “Зроблена ў Брытаніі” – не столькі з боку прамысловасці, колькі з боку ўраду, які павінен паклапаціцца гэтым.
Текст: Аляксандр Бодры



Comments are closed, but trackbacks and pingbacks are open.