Выспы за даўгі: Грэцыя ў роздуме : Новости :: Бизнес лидер
28 июня 2010 г. 14:48

Фото: healthspa.ru
Грэцыя зноў у цэнтры ўвагі.
Сродкі масавай інфармацыі анансуюць выхад, знойдзены Грэцыяй як рашэнне фінансавых праблем – продаж або здаванне ў наём грэчаскіх выспаў.
І атрымліваюць рэзкі адказ ад афіцыйнага прадстаўніка ўрада Грэцыі Ёргаса Петалоціса: «Меркаванне аб продажы выспаў не адпавядае рэчаіснасці і абразлівае», урад не мае дачынення да здзелак куплі-продажу выспаў, якія належаць прыватным асобам.
Брытанская газета The Guardian, у адрас якой накіраваў свой адказ урад Грэцыі, адказала, што загаловак “Грэцыя прадае выспы, каб дапамагчы эканоміцы” – зайшоў далей, чым сэнс, закладзены ў артыкуле.
Паведамленні небеспадстаўныя – яшчэ вясной такі спосаб паправіць сваё фінансавае становішча прапанавала Нямеччына. Аднак у сакавіку 2010 года міністэрства замежных спраў расцаніла пытанне продажу выспаў як непрымальнае. Таму тады Грэцыя абмежавалася продажам акцый шэрагу дзяржкампаній.
У спіс разглядаемых да продажу актываў увайшлі і ненаселеныя выспы, на тэрыторыі якіх краіна не можа забяспечыць неабходную інфраструктуру. З інвестарамі у грэчаскага ўрада звязаны ў тым ліку далёка ідучыя планы па прасоўванні турыстычнага бізнесу краіны, які цяпер перажывае не самыя лепшыя часы.
Па дадзеных службы інфармацыі Акадэміі Masterforex-V, у распараджэнні Грэцыі знаходзіцца да 6 000 выспаш, з іх прыкладна 4% заселеныя.
Кошт выспаў на рынку вызначаецца ў першую чаргу інвестыцыйнымі перспектывамі і вар’іруецца ў сярэднім ад 1,5 да 15 мільёнаў еўра. Аднак асобныя цікавыя аб’екты могуць каштаваць у дзесяткі разоў даражэй. Па інфармацыі, якая прайшла ў грэчаскіх СМІ, выстаўлена на продаж у тым ліку выспа Скарпіён, якая належала сям’і Анасісаў, коштам у 300 мільёнаў еўра. Паўстагоддзя таму кошт гэтай выспы ацэньваўся ў 12,5 тысяч долараў.
Паводле інфармацыі The Guardian, ідэя займець ва ўласнасць астравок асабліва прыцягвае расійскіх і кітайскіх інвестараў. Сярод патэнцыйных пакупнікоў называюць Рамана Абрамовіча, хаця інфармацыя аб укладанні сродкаў у грэчаскія выспы расійскім алігархам не пацверджаная.
У адрозненне ад расійскіх калегаў, кітайскія прадпрымальнікі даўно змянілі маўчанне на актыўную цікавасць да грэчаскіх актываў: яны ўжо кантралююць шэраг партоў, а таксама разглядаюць здзелкі па набыцці чыгунак.
Эксперты па-рознаму ацэньваюць мэтазгоднасць продажу выспаў. Так, Васіліс Манасцірыоціс, прадстаўнік Лонданскай школы эканомікі, схіляецца да думкі, што продаж выспаў не вырашыць грашовых праблем нашчадкаў Элады, бо, каб перакрыць бюджэтны дэфіцыт, які склаў у 2009 годзе 13,6% ад ВУП, Афінам трэба прадаць каля 6 тысяч выспаў, а каб выплаціць усе даўгі – каля 60 тысяч выспаў.
У якасці напаміну.
Краіны Еўразвязу і Міжнародны валютны фонд накіроўваюць Грэцыі дапамогу ў суме 110 мільярдаў еўра, што раўнацэннае адной траціне знешняга доўгу краіны. Удзельнікі фондавага рынку, па разліках CMA DataVision, ацэньваюць рэйтынг верагоднасці дэфолту Грэцыі як самы высокі ў свеце – 67,93%.
Текст: Наталля Камбур
Comments are closed, but trackbacks and pingbacks are open.